СЕРБАЛУ́ЖЫЦКІЯ МО́ВЫ,

блізкія паміж сабою верхнялужыцкая і ніжнялужыцкая мовы сербаў-лужычан. Належаць да паўн. падгрупы зах. групы славянскіх моў. Распаўсюджаны ў Германіі вакол гарадоў Баўцэн (па-сербалужыцку Будышын) і Котбус (па-сербалужыцку Хосебуз). Больш пашырана верхнялужыцкая мова. С.м. уласцівы: у фанетыцы — націск фіксаваны на 1-м складзе, пратэтычны гук w перад u, o, змякчэнне шэрагу зычных; у марфалогіі — парны лік, клічны склон у назоўніках м.р. адз.л., архаічныя дзеяслоўныя формы (аорыст, імперфект, плюсквамперфект), адсутнасць кароткіх прыметнікаў; у лексіцы — шмат калек, запазычанняў з ням. мовы, словы чэш. і польскага паходжання. Асн. адрозненні верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай моў: адпаведнасць верхнялужыцкага праточнага h ніжнялужыцкаму выбухному g, верхнялужыцкага č ніжнялужыцкаму с (цоканне); на месцы палатальных t, d у верхнялужыцкай ć, dź, у ніжнялужыцкай ś, ź і інш.

Пісьменства і друкаваныя кнігі з 16 ст. Сфарміраваліся 2 літ. мовы: верхнялужыцкая (мова паўд. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Саксоніі, цэнтр г. Будышын) і ніжнялужыцкая (мова паўн. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Прусіі, цэнтр г. Хосебуз). Усе сербалужычане двухмоўныя: разам з С.м. карыстаюцца ням. мовай. Алфавіт на аснове лацінкі.

Літ.:

Ермакова М.И. Очерк грамматики верхнелужицкого литературного языка: Морфология. М., 1973;

Трофимович К.К. Серболужицкий язык. Мн., 1989.

Н.​В.​Івашына.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)